Арт-група “Беларусы” – гэта не толькі пяць унікальных, цалкам розных па тэмбры галасоў, але і дзіўныя тыпажы, яркія сцэнічныя вобразы. Музычная адукаванасць, шырокі вакальны дыяпазон і непаўторныя рысы кожнага голасу – вось разнастайнасць адзінага цэлага нашага калектыву. Канцэртная дзейнасць – гэта велізарная праца, і яе арганізацыя ляжыць на далікатных жаночых плячах нашага дырэктара Алесі Кузняцовай ўжо больш за 15 гадоў. Годнае ж гукавое афармленне – справа рук гукарэжысёра Паўла Анісімаўца, які застаецца верным нашай камандзе з першага года існавання калектыву. Мы разам – мы сіла!
Валерый Шмат – заснавальнік і мастацкі кіраўнік калектыву, кампазітар, арганіст, дырыжор. За плячыма – Беларуская акадэмія музыкі па класе “Харавое дырыжыраванне” і “Арган”. Большасць вакальных аранжыровак – справа яго рук, як і асноўных аўтарскіх твораў “Беларусаў”. Валерый – аўтар музыкі і слоў многіх знакавых твораў калектыву. Як арганіст таксама часта гастраліруе па краіне і за мяжой. Шмат піша для дзяцей і моладзі. Яго песні гучаць на такіх прэстыжных конкурсах, як “Еўрабачанне”, “Новая хваля”, “Славянскі базар” і інш. У арт-групе “Беларусы” Валерый выконвае партыю барытона.
Алеся Кузняцова – дырэктар і прадзюсар арт-групы “Беларусы”, дырэктар музычнага прадзюсарскага цэнтра “Залатыя галасы”. Яна арганізавала больш за тысячу канцэртаў і мерапрыемстваў любой складанасці. Гастролі ў Расіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Фінляндыі і іншых краінах. Супрацоўніцтва з рознымі міністэрствамі і ведамствамі РБ. Праца з дыпламатычнымі місіямі розных краін. Перамовы, вырашэнне знешніх і ўнутраных праблем калектыву ў глабальным і лакальным маштабах. Заўсёды на вышыні, заўсёды бездакорная, заўсёды з усмешкай і пазітывам!
Віталь Зюскінд – лірычны тэнар. Валодае найтанчэйшым музычным слыхам і беглым чытаннем нот з ліста. Выдатная школа музычнага ліцэя і вучылішча імя Глінкі, а затым і БДУКМ. Прафесіяналы ведаюць, што цяжэй за ўсё выконваць партыі сярэдніх галасоў, але для Віталя гэта - не праблема! Адказны, сумленны, справядлівы. У арт-групе “Беларусы” працуе з 2009 года.
Ігар Рацівых – бас. Прырода ўзнагародзіла Ігара не толькі прыгожым аксамітным тэмбрам, але і яркай музыкальнай індывідуальнасцю. Ён адчувае гук, беражліва адносіцца да слова. Любіць жыццё ва ўсіх яго праявах. Нягледзячы на тое што ён вучыўся ў кансерваторыі на вакальным аддзяленні, са шматгалоссем спраўляецца не горш за самага граматнага харавіка. У калектыве з 2009 года.
Антон Зараўнядны – тэнар. Валодае італьянскай тэхнікай бельканта. Часта выконвае партыі ў тэсітуры тэнара – альтына. За спінай Антона дзве вышэйшыя адукацыі: кафедра духавых інструментаў БДУКМ і вакальна-харавы факультэт БДАМ, вакальнае аддзяленне. З прыходам Антона калектыў атрымаў пачуццё вытанчанасці і элегантнасці. Выхаваны, працавіты, прынцыповы.
Андрэй Коласаў – барытонавы тэнар. Пераможца шматлікіх вакальных праектаў рэспубліканскага і міжнароднага значэння, артыст мюзіклаў, шоумэн. Шматгранны ў сваіх творчых памкненнях. Яму падуладныя і класіка, і джаз, і рок. Шмат гадоў Андрэй працуе ў якасці саліста аркестра, таму жывы гук для яго – гэта норма, якой прытрымліваецца і наш калектыў. Любіць падарожнічаць, вядзе здаровы лад жыцця, начытаны, лёгкі ў зносінах. Заўсёды гатовы да новых здзяйсненняў.
Павел Анісімавец – гукарэжысёр. У калектыве – практычна з першага года існавання. Дзякуючы вышэйшай музычнай адукацыі, Павел не толькі цудоўна чуе самыя тонкія нюансы чалавечага голасу, але і прымае самы актыўны ўдзел у творчым жыцці калектыву. Шмат гадоў ён прафесійна займаецца аранжыроўкай, і яго парады часта бываюць вельмі карыснымі для збалансаванага гучання каманды. Гатовы да заваявання новых вяршынь.